Гісторыя Першамайскага раёна пачалася 25 чэрвеня 1969 года, калі пастановай Прэзідыума ВС БССР было вырашана вылучыць тэрыторыю з Савецкага, Завадскога і Ленінскага раёна горада Мінска для арганізацыі Першамайскага раёна.

Сёння плошча Першамайскага раёна складае 3,3 тыс.га. Тут пражывае 232,7 тыс. насельніцтва. Межамі раёна з'яўляюцца вуліцы Лагойскі тракт, Я.Коласа, Сурганава, пр. Незалежнасці, вул. Платонава, Казлова, Сляпянская водная сістэма, вул. Філімонава, вул. Ф. Скарыны, чыгунка на Маскву, аўтадарога Калодзішчы - Заслаўе, вул. Гінтаўта, Мінская кальцавая дарога да Лагойскага тракта.

Да 1812 года тэрыторыя, якую сёння займае Першамайскі раён, знаходзілася ў валоданні знакамітага беларускага дваранскага роду Радзівілаў.

Дарога, якая вядзе на ўсход ад цэнтра Мінска, калісьці называлася Старабарысаўскім трактам, цяпер гэта пр. Незалежнасці. Тракт браў пачатак ад поймы ракі Свіслач і заканчваўся ў раёне Камароўскай слабодкі. Так было да сярэдзіны трыццатых гадоў ХХ стагоддзя. Пазней межы горада пашырыліся да трамвайнага кальца з канчатковай станцыяй "Выстава".

На ўскраіне ўсходніх межаў Мінска шумеў векавы бор. Гараджане прыязджалі сюды атрымаць асалоду ад цішыні, у грыбы, ягады, а галоўнае - наведаць выставу, як тады называлі, "прамысловых дасягненняў". Яна знаходзілася на плошчы ім. М.І. Калініна.

Да вайны добраўпарадкаванне ўсходняй часткі Мінска ішло поўным ходам. У 1932 годзе быў заснаваны Батанічны сад. А ў 1967 ён атрымаў статус навукова-даследчага інстытута. Па плошчы (больш за 150 гектараў) і па складзе калекцый (каля 9000 найменняў раслін) сад адносіцца да ліку найбуйнейшых батанічных садоў Еўропы. Штогод сюды прыходзіць каля паўмільёна наведвальнікаў. Зараз Батанічны сад выглядае такiм жа, якім ён і быў разбіты першапачаткова. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бамбёжкі абышлі яго бокам. Аднак фашысты, якія размясцілі тут казармы і стайні, вывезлі ў Германію ўнікальны гербарый. Пасля заканчэння вайны навукоўцы не далічыліся і многіх каштоўных асобнікаў раслін.

Першамайскі раён - раён са сваім архітэктурным тварам. І прыкладаў таму шмат. У форме карабля пабудаваны адзін з карпусоў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Упрыгожваннем раёна і горада з'яўляюцца мазаічныя пано на сценах шматпавярховых жылых дамоў уздоўж пр. Незалежнасці ў мікрараёне "Усход".

На тэрыторыі раёна размешчана архітэктурная жамчужына - Нацыянальная бібліятэка Беларусі - інтэлектуальнае сховішча, сімвал духоўнага багацця беларускага народа.

На тэрыторыі раёна размешчаны і паспяхова працуюць вядомыя ўстановы культуры і мастацтва. Найбуйнейшымі з іх з'яўляюцца Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Я. Коласа, Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь і многія іншыя. Багатым творчым патэнцыялам валодае кінастудыя "Беларусьфільм". На вуліцы Макаёнка размешчана Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія - вядучы флагман інфармацыйнага вяшчання Рэспублікі Беларусь.

У сярэдзіне ХІХ ст. сасновы лес у межах горада раптоўна ператварыўся ў парк культуры і адпачынку, якім і з'яўляецца да гэтага часу. Гэта адно з любімых месцаў адпачынку мінчан, а імя яму далі - "Парк Чалюскінцаў", у гонар маракоў аднайменнага парахода, якія вырваліся з ледзянога палону Арктыкі і сталі героямі. Быў сярод іх і наш зямляк, мінчанін Аляксандр Міронаў, які пасля арктычных прыгод стаў пісьменнікам.

На месцы вуліц Цікоцкага і Карбышава была вёска Зеляноўка. А на месцы сённяшняга гандлёвага цэнтра "Верас" размяшчаліся старадаўнія паселішчы Вялікая і Малая Слепня - былое радавое гняздо Ваньковічаў. Замест іх з'явіўся мікрараён Зялёны Луг.

Праз дзесяць гадоў пасля будаўніцтва Зялёнага Луга пачалося будаўніцтва мікрараёна "Уручча".

Мікрараён "Уручча"

Забудова пачалася ў 1977 годзе. Рашэннем Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў пасёлак "Уручча" Зеленалугскага Савета ўвайшоў у рысу горада. У 1978 годзе мікрараён быў пашыраны за кошт вёсак Міхайлава, Мядзвежына і інш. З 1620 па 1669 гг. уладальнік зямель, дзе цяпер знаходзіцца мікрараён "Уручча" - князь Багуслаў Радзівіл, сын Януша.

З 1669 па 1744 г. - дачка Багуслава Людовіка Караліна.

З 1744 па 1762 г. - дзве дачкі князёўны Караліны.

З 1762 па 1790 - князь Міхал Казімір Рыбанька.

З 1790 па 1812 - кароль Станіслаў, Пане Каханку.

З 1812 - князь Дамінік Радзівіл і яго жонка Тэафілія Маеўская.

У наступным быў перададзены роду Ваньковічаў.

Сёння гэта адзін з самых буйных і добраўпарадкаваных раёнаў Мінска. У станаўленне і развіццё Першамайскага раёна ўнеслі прыкметны ўклад такія кіраўнікі як П.В. Зыль, У. В. Абрамчык, П.П. Сяліцкі, П.У. Ліневіч, Я.Ф. Сідарук, У.М. Белахвостаў.