Славутасці
Першамайскі раён па праве з'яўляецца самым зялёным і экалагічна чыстым раёнам Мінска. Па плошчы зялёных насаджэнняў (840,7 га) ён займае першае месца ў горадзе. Батанічны сад, парк ім. Чалюскінцаў, парк каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, лясныя масівы Севастопальскага парку, сквер у мікрараёне "Уручча", Музей валуноў, Сляпянская водная сістэма - упадабаныя месцы адпачынку мінчан.
У Першамайскага раёна ёсць і свае архітэктурныя адрозненні. Мікрараён "Усход", пабудаваны ў канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, да цяперашняга часу не страціў прывабнасці і гарманічнасці, уласцівых адзінай ансамблевай забудове.
Упрыгожваннем горада сталі яркія мазаікі на тарцах 17-павярховых будынкаў, створаныя народным мастаком Беларусі, заслужаным дзеячам мастацтваў БССР Аляксандрам Кішчанкам: пано "Горад-воін", "Горад навукі", "Горад культуры" і "Горад-будаўнік".
Архітэктурнай жамчужынай на тэрыторыі Першамайскага раёна і ўпрыгожваннем горада Мінска стаў будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў форме гіганцкага крышталя, якому прызначана захоўваць і развіваць галоўныя скарбы свету – веды і мудрасць.
У мікрараёне Уручча знаходзіцца Парк камянёў. Ён быў створаны ў 1980-я гады сіламі навукоўцаў-энтузіястаў з Інстытута геахіміі і геафізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На тэрыторыі 6 гектараў зымітавана тэрыторыя Беларусі, на якой з дапамогай ледавіковых валуноў і камянёў паменш пазначаныя асноўныя населеныя пункты краіны.
Дзіцячая чыгунка – адно з тых арыгінальных збудаванняў на пр. Незалежнасці, на якое звяртаюць увагу госці Мінска. "Малая Беларуская" – менавіта так часта называюць Мінскую дзіцячую чыгунку. Нягледзячы на назву, тут усё сапраўднае – і два цеплавозы з шасцю вагонамі, і правілы руху, і машыністы, і пасажыры, і начальнікі станцыі. Адрозніваецца ад вялікай магістралі гэтая дарога толькі шырынёй каляіны (амаль удвая вужэй "дарослай"). Падарожжа па дзіцячай чыгунцы – прыемнае і нястомнае, Даўжыня трасы – толькі чатыры кіламетры, па шляху толькі тры станцыі – "Заслонава", "Піянерская" і "Сасновы Бор". "Заслонава", размешчаную на пр. Незалежнасці, ведаюць усе мінчане. І менавіта сюды ўпершыню прыходзяць будучыя юныя чыгуначнікі і іх пасажыры. Тут вучацца, адпачываюць, праводзяць святы і прымаюць гасцей.
У будні і святы мінчане і шматлікія госці сталіцы прыязджаюць, каб наведаць адзіны ў сваім родзе комплекс – Дом міласэрнасці. Унікальны ён не толькі сваім архітэктурным праектам. Перш за ўсё, неацэнная тая дапамога і клопат, якiмi атачаюць тут усіх падапечных. Дом міласэрнасці пабудаваны ў форме праваслаўнага крыжа па праекце архітэктара Л. Пагарэлава. Пастаянную прапіску атрымаў у Доме міласэрнасці рэабілітацыйны цэнтр "Элеос", што ў перакладзе з грэцкага і азначае "міласэрнасць". Цэнтр можа паспрачацца з любой замежнай клінікай - сэрвіс тут на еўрапейскім узроўні. Дом міласэрнасці стаў і своеасаблівым культурна-асветніцкім цэнтрам для праваслаўных мінчан. На калядныя святы збіраюцца не толькі прыхаджане і выхаванцы нядзельнай школы, але і ўсе жыхары горада.
Вялікае значэнне ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні насельніцтва раёна мае Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых. Велічнае збудаванне задумана як Храм у памяць аб тых, хто склаў галаву на палях бітваў за Радзіму, хто быў рэпрэсаваны і чые жыцці ў мірны час былі загубленыя ў лагерах і турмах, у памяць аб загінуўшых дзецях і ўсіх бязвінна забітых. У новым Храме 13 званоў. Тры з іх былі паднятыя на званіцу ў верасні 2006 года. На самым вялікім, пяцітонным, выгравіраваныя словы: "Дар ад першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Два іншыя паднесеныя ад імя Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. У кастрычніку 2008 храм увянчалі апошнія тры званы. Побач з будуемым храмам збудаваная без адзінага цвіка драўляная капліца ў гонар Святой Тройцы, вышыня якой – 31,5 м, што робіць гэты храм самым вялікім сярод культавых пабудоў, выкананых з дрэва.
Дом кіно пачаў сваю работу 11 верасня 2005 года пасля завяршэння комплекснай рэканструкцыі сталічнага кінатэатра "Партызан", праведзенай у мэтах выканання даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі. Дом кіно ў поўным аб'ёме адпавядае сучасным патрабаванням. Кінатэатр абсталяваны сістэмай аб'ёмнага гукаўзнаўлення "Dolby Digital" і першым у Рэспубліцы Беларусь кінапраекцыйным абсталяваннем "Kinoton" з сістэмай бесперамотачнай дэманстрацыі кінафільмаў, а таксама ў філіяле ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма продажу білетаў. Дом кіно – гэта стыльны інтэр'ер, камфортная кіназала з мяккімі тэатральнымі крэсламі, месцы для інвалідаў, канферэнц-зала, зручная аўтастаянка. Гэта любімае месца сустрэч гледачоў з вядомымі беларускімі і замежнымі кінематаграфістамі. Тут рэгулярна праходзяць творчыя і юбілейныя вечары. Штогод Дом кіно прымае Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад".
Вядомае выказванне абвяшчае: "Прыгожым здаецца ўсё, на што глядзіш з любоўю". Усё, што ствараюць сваім розумам і талентам, сваімі рукамі жыхары Першамайскага раёна, робіцца толькі з любоўю – да свайго горада, да сваёй краіны, да кожнага чалавека.